БА́ДЭНСКАЯ ШКО́ЛА,
фрайбургская школа, гейдэльбергская школа, кірунак у неакантыянстве канца 19 — пач. 20 ст. Мела значны ўплыў у Германіі. Гал. прадстаўнікі В.Віндэльбанд, Г.Рыкерт, Р.Кронер, Э.Ласк, Г.Мюнстэрберг і інш. Паводле вучэння прадстаўнікоў гэтай школы, у свеце неабходнасці і ўсеагульных абсалютных каштоўнасцяў існуе надіндывідуальная абстрактная дасканалая свядомасць, вышэйшая ступень існавання якой ідэал. Але ідэалы не заўсёды здзяйсняюцца. Адсюль і кантаўская супярэчнасць паміж быццём і неабходнасцю, павіннасцю. Асн. ідэя Бадэнскай школы ў тым, што філасофія — гэта навука пра ідэальныя нормы і абсалютныя каштоўнасці, а эмпірычныя навукі вывучаюць тое, што існуе заўсёды, устанаўліваюць агульныя заканамернасці з’яў прыроды; у адрозненне ад гэтых навук гіст. навука — ідэаграфічная (апісвае і ацэньвае грамадскія з’явы).
Літ.:
Ситковский Е. Неокантианство // Из истории философии XIX века: Сб. ст. М., 1933;
Григорьян Б. Неокантианство: Критич. очерк. М., 1962.
В.П.Пешкаў.
т. 2, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)